ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пружанская кераміка. А.​Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)